5 сакавіка – 125 год з дня нараджэння К.К. Крапівы

Кандрат Кандратавіч Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч) – класік беларускай літаратуры, якому былі падуладны розныя жанры. Драматург, празаік, байкапісец, мовазнавец, ён здзіўляў чытачоў сваім талентам, які найбольш ярка раскрыўся ў сатырычных творах.Нарадзіўся К. Крапіва ў в. Нізок Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.Творчую літаратурную дзейнасць К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Пісаў на рускай мове. Яго першыя вершаваныя фельетоны былі надрукаваны ў газеце “Красноармейская правда” ў 1922 годзе. Асноўная іх тэма – міжнародныя падзеі, жыццё вайскоўцаў, грамадзянская вайна, абарона краіны. У маі гэтага ж года ў газеце “Савецкая Беларусь” быў апублікаваны на беларускай мове верш “Сваты”.У сатырычных творах пісьменнік высмейваў і выкрываў бескультур’е, плёткі, п’янства, шарлатанства, ганарлівых невукаў, зладзеяў, падхалімаў і інш. Яскравасць, афарыстычнасць аўтарскага слова асабліва прыкметны ў яго байках, якія сталі ўзорам гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю мовы, свежасцю мастацкіх форм.Найбольш значнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. П’есы К. Крапівы не страцілі сваёй злабадзённасці, актуальнасці і сёння ўваходзяць у рэпертуар многіх тэатраў.Творчая, навуковая і грамадская дзейнасць К. Крапівы адзначана многімі ганаровымі ўзнагародамі. Ён народны пісьменнік БССР (1956), лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1974), Герой Сацыялістычнай Працы 1975), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978); кавалер чатырох ордэнаў Леніна (1940, 1949, 1966, 1975), Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Дружбы народаў (1984), Айчыннай вайны II ступені (1985). У 1992 годзе імя К. Крапівы прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі і Уздзенскай сярэдняй школе № 2.На доме ў Мінску, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 1983 годзе зняты дакументальны фільм “Кандрат Крапіва”, у 2011 годзе – мастацка-публіцыстычны “Загадкі дзеда Кандрата”. У 2016 годзе на Беларускім радыё адбылася прэм’ера радыёспектакля “Пісьмы, вернутыя з небыцця”, прысвечанага невядомым старонкам біяграфіі пісьменніка.

Один комментарий к “5 сакавіка – 125 год з дня нараджэння К.К. Крапівы”

  1. Да 125-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы ДУ «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» падрыхтавала анлайн-марафон «Чытаем байкі Кандрата Крапівы разам». Напярэдадні 8 сакавіка бібліятэка-філіял №2 падрыхтавала віртуальную выставу, якая пазнаёміць вас з выбітнымі беларускамі, таленавітымі пісьменніцамі, мастачкамі і артысткамі, якія прысвяцілі сваё жыццё беларускай культуры і літаратуры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *