БЕРАЗЯКІ-2 – былая вёска ў Наваельненскім сельсавеце, за 26 км ад Краснаполля, 135 км ад Магілёва, 72 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На паўднёвым усходзе цячэ рака Жавуніца (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па шашы былая вёска Хатыжын – Краснаполле, якая праходзіць побач з вёскай.
Вядома паводле пісьмовых крыніц з пачатку 19 стагоддзя.
У 1834 годзе ў Чэрыкаўскім павеце, 87 жыхароў, уласнасць памешчыка.
У маі 1922 года створана сельскагаспадарчае таварыства.
У 1926 годзе 35 двароў, 251 жыхар.
У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У брацкай магіле, што на могілках, пахаваны 6 воінаў 283-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў баях за вызваленне раёна. 36 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 24 з іх загінулі.
У 1986 годзе 57 гаспадарак, 148 жыхароў, у складзе калгаса “Парыжская Камуна” (цэнтр – былая в. Беразякі-1). Аснаўная крывалінейная вуліца мела шыротную арыентацыю. Ад яе пад вострым вуглом адыходзіла на поўдзень кароткая прамалінейная вуліца.
Пасля катастрофы 1986 года на чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.