ГАРАДОК

          ГАРАДОК − былая вёска ў Сабалёўскім сельсавеце, за 25 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 134 км ад Магілёва, 76 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў- Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На захадзе межавала з лесам, на ўсходзе цячэ р. Каўпіта (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі па шашы Выдранка-Краснаполле, якая праходзіць побач з вёскай.
          Заснавана ў 1920-я г. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Гарадок», які першапачаткова аб’ядноўваў 11 гаспадарак.
          У 1940 г. 15 двароў, 78 жыхароў.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
          Гітлераўцы ў жніўні 1943 г. поўнасцю спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1986 г. 9 гаспадарак, 19 жыхароў, у складзе саўгаса «Завадоцкі» (цэнтр − в. Завадок). Складалася з кароткай дугападобнай вуліцы, арыентаванай мерыдыянальна ўздоўж ракі.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.