ГАРЭЗНА − былая вёска ў Яноўскім сельсавеце (да 31.10.2008 г. ў Высакаборскім сельсавеце), за 28 км на паўночны ўсход ад Краснаполля, 137 км ад Магілёва, 63 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на паўночным захадзе мяжуе з лесам. Праз вёску цячэ р. Гарэзіна (прыток р. Расамаха). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Жаліжжа, Высокі Борак і далей па шашы Хоцімск-Краснаполле.
Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1769 г., калі ў вёсцы былі 12 двароў, 22 жыхары мужчынскага полу, млын і карчма, дзяржаўная ўласнасць у Прапойскім старастве.
У 1785 г. 10 двароў, 96 жыхароў, уласнаць памешчыка.
У 1816 г. 15 двароў, 129 жыхароў.
У 1858 г. сяло ў Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Меліся заезны дом, драўляная царква.
У 1897 г. 52 двары, 362 жыхары, дзейнічала царкоўна-прыходская школа. Побач быў аднайменны хутар.
У 1909 г. 56 двароў, 430 жыхароў. Меліся 2 ветракі.
У 1926 г. 80 двароў, 437 жыхароў.
У 1929 г. арганізаваны калгас «КІМ», які ў 1932 г. аб’ядноўваў 64 гаспадаркі.
У пачатку 1930-х г. адкрыта 4-гадовая школа, дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943 г. акупіравана нямецка- фашысцкімі захопнікамі. Праз 2 км на паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Клачавец, у брацкай магіле пахаваны 3 партызаны, якія загінулі ў 1943 г. У цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахаваны 11 воінаў, у ліку якіх воіны 875-га асобнага сапёрнага батальёна, і 3 партызаны, што загінулі ў баях у 1943 г.
У 1990 г. 57 гаспадарак, 127 жыхароў, у складзе саўгаса «Палужскі» (цэнтр − в. Палуж-1). Дзейнічалі магазін, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, стацыянарная кінаўстаноўка, 8-гадовая школа, бібліятэка.
У 1999 г. 3 гаспадаркі, 8 жыхароў. Складалася з 2 крывалінейных працяглых вуліц, амаль мерыдыянальнай арыентацыі, абапал ракі, злучаных у цэнтр частцы завулкамі. Была забудавана пераважна аднабакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.