КРАСНАЯ ЗАРА (да 1964г. пас. Зеляні) – былы пасёлак у Наваельненскім сельсавеце, за 19 км на захад ад Краснаполля, 128 км ад Магілёва, 70 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы бярэ пачатак р. Галуба (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе далей па шашы на Краснаполле.
Заснавана ў 1920-я г.
У 1930-я г. арганізаваны калгас «Чырвоны партызан», які першапачаткова аб’ядноўваў 10 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. па 30.09.1943 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10 пасялкоўцаў змагаліся на франце і ў партызанскіх атрадах. 5 іх загінулі.
У 1986 г.13 гаспадарак, 39 жыхароў у складзе калгаса імя Жданава (цэнтр − былая в. Карма-Пайкі).
Складаўся з 2 кароткіх, амаль паралельных паміж сабой вуліц мерыдыяльнай арыентацыі, падзеленых лагчынай.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі пасёлак адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.