ТОПКАЕ − былая вёска ў Сабалеўскім сельсавеце, за 28 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 137 км ад Магілёва, 69 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў − Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на паўднёвым захадзе межавала з лесам. На ўсходзе праходзяць міліяратыўныя каналы, злучаныя з р. Покаць (прыток р.Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёску Завадок і далей па шашы Выдранка-Краснаполле.
Заснавана ў 1920-х перасяленцамі з суседніх вёсак.
У 1930-х гадах вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1986 г. 18 гаспадарак, 31 жыхар, у складзе саўгаса “Завадоцкі” (цэнтр − в.Завадок). Складалася з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсхода на паўднёвы захад. Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.