МАРОЦКІ Ілья Сямёнавіч і МАРОЦКАЯ Вера Паўлаўна

Ілья Сямёнавіч Мароцкі выкладаў у школе матэматыку і фізіку, Вера Паўлаўна – геаграфію. Прыехалі  яны на работу ў Гніліцкую школу ў жніўні 1935 г. Пасялілі настаўнікаў у вясковую хату, дзе была і канцылярыя калгаса “Крэмль” (канцылярыю  перавялі затым у іншае месца). Калгас быў у стадыі станаўлення. Вучэбныя класы размяшчаліся ў дзвюх хатах за 200 метраў адна ад другой. Прызначаны дырэктарам, Ілья Сямёнавіч пачаў будаваць школу. Часцей за ўсё даводзілася самому быць і возчыкам, і грузчыкам, і цесляром, і падсобным рабочым. У 1936 г. у школе адкрылі сталовую.

З удзячнасцю ўспамінаюць настаўнікаў Мароцкіх Вольга Кірэеўна Шамянкова, якая дапамагала кухарыць у школе, і ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы Фёдар Дзямідавіч Кірдзееў: “Гэта былірэдкай душэўнай цеплыні людзі. Мы шанавалі і паважалі іх”. Цёплыя ўспаміны пра Мароцкіх засталіся і ў памяці былога настаўніка беларускай мовы, вучня першага вупуску Гніліцкай сярэдняй школы 1941 г. Сцяпана Раманавіча Гомарава:

    “Ілья Сямёнавіч выдатна выкладаў матэматыку, фізіку. Ён быў як родны бацька для вучняў. Яго любілі ўсе настаўнікі і вучні, вяскоўцы”.

     23 чэрвеня 1941 г. 45-гадовы Ілья Сямёнавіч Мароцкі ўліўся ў рады Чырвонай Арміі. Пад Варонежам трапіў у палон, адкуль пасля ўдалага ўцёку прыйшоў у Гніліцу, а праз два тыдні быў ужо ў партызанскім атрадзе Карзюкова (Вечаркова). У баях за Прапойск (Слаўгарад) у пачатку лістапада 1943 г. быў паранены і дастаўлены ў палявы шпіталь у в.Князёўка Краснапольскага раёна, дзе і памёр 6 лістапада. Жонка яго паспела атрымаць запіску ад мужа  і раніцай была ў Князёўцы, але яго ўжо пахавалі ў брацкай магіле. Пасля вайны астанкі воінаў былі перазахаваны ў Краснаполлі ў скверы, дзе і зараз на магільнай пліце выбіта сярод іншых прозвішча Мароцкага Ільі Сямёнавіча. На магілу бацькі прыязджалі сын Васіль – палкоўнік Савецкай Арміі, дачка Ніна – настаўніца матэматыкі.

    Вяскоўцы чым маглі дапамагалі Веры Паўлаўне  Мароцкай перажыць горыч страты мужа, выстаяць, не ўпасці духам. Усё жыццё працавала яна ў сельскай школе, вучыла дзяцей, дапамагала станаўленню  маладых  настаўнікаў, вяла грамадскую работу. У 1957 г. ёй прысвоена званне “Заслужаная настаўніца школ БССР”.