АСІНАВЫ – былы пасёлак у Высакаборскім сельскім савеце, за 17 км на ўсход ад Краснаполля, 126 км ад Магілёва, 34 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. Транспартныя сувязі па шашы Хоцімск – Краснаполле, якая праходзіць непадалёку ад вёскі.
Заснаваны ў 1920-я гады.
У 1930-я гады пасялкоўцы ўступілі ў калгас.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1986 годзе 5 гаспадарак, 11 жыхароў, у складзе саўгаса “Краснапольскі” (цэнтр – былая в. Высокі Борак). Складаўся з кароткай прамалінейнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі.
Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.