ГАТАВЕЦ − былая вёска ў Мхініцкім сельсавеце, за 20 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 129 км ад Магілёва, 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў — Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Мхінічы і далей па шашы Выдранка- Краснаполле.
Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
У 1777 г. слабодка Гатовец у Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
У 1816 г. в. Гатоўцы (31 двор, 121 жыхар) у Чэрыкаўскім павеце, уласнасць памешчыка.
У 1880 г. 50 двароў, 401 жыхар. Частка жыхароў займалася кравецкім і бандарным промысламі.
У 1897 г. ў Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, 63 двары, 509 жыхароў. Меліся 2 ветраныя млыны, кузня.
У 1909 г. 60 двароў, 330 жыхароў.
У 1923 г. адкрыта школа, у якой былі 32 вучні.
У 1926 г. 84 двары, 515 жыхароў.
У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Гатавец», які першапачаткова аб’ядноўваў 22 гаспадаркі. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 76 вяскоўцаў удзельнічалі ў барацьбе супраць акупантаў, 52 з іх загінулі.
У 1986 г. 70 гаспадарак, 166 жыхароў, у складзе саўгаса «Халмянскі» (цэнтр − в. Халмы), дзейнічала бібліятэка. Мела прамавугольную планіроўку з прамалінейнымі завулкамі, 2 шыротнай і 3 мерыдыянальнай арыентацыі. Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.
16 верасня 1967 г. нарадзіўся ў в. Гатавец Раманенка Вечаслаў Васільевіч, які загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Афганістане, не дажыўшы да свайго дваццацігоддзя (01.06.1987). Узнагароджаны пасмяротна Ордэнам Чырвонай Зоркі.Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.