КІРАВА (Ямнік)

          КІРАВА (да 1932 г. Ямнік) − былы пасёлак у Горскім сельсавеце, за 21 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля, 132 км ад Магілёва, 45 км ад чыгуначнай станцыі Камунары па лініі Крычаў-Сураж(Расія) Рэльсф раўнінны, на паўночным усходзе межаваў з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Дзернавая, Горы і далей па шашы Горы- Краснаполле.
          Заснаваны ў пачатку 1920-х г.
          У 1930-я г. пасялкоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 12 пасялкоўцаў змагаліся на фронце, 6 з іх загінулі.
          У 1986 г. 5 гаспадарак, 9 жыхароў, у складзе калгаса імя Валадарскага (цэнтр − в. Горы).
          Складаўся з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход, забудаванай аднабакова, індывідуальнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі пасёлак адселены ў сувязі з радыяцынным забруджаннем.