САСНОВІЦА-1 − былая вёска ў Высакаборскім сельсавеце, за 26 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля,135 км ад Магілёва, 28 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на ўсходзе межавала з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Хоцімск-Краснаполле.
Вядома паводле пісьмовых крыніц з І8 стагоддзя.
У 1762 годзе сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве, шляхецкая ўласнасць, меўся шынок.
У 1858 г. 9 двароў, 92 жыхары, уласнасць памепшчыка.
У 1880 г. 31 двор, 245 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кавальскім, сталярным і бандарным промысламі.
У 1897 г. сяло ва ўрочышчы Канюхоўка, 40 двароў, 281 жыхар, меліся 2 ветракі, крупарушка, лаўка, піцейны дом. Побач была аднамейная аколіца (20 двароў,142 жыхары) і хутары (6 двароў, 20 жыхароў).
У 1909 ў сяле 51 двор, 451 жыхар, у аколіцы 22 двары, 133 жыхары, на хутары 11 двароў, 66 жыхароў.
У 1926 г. 57 двароў, 295 жыхароў, дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, для якой у 1928 г. пабудавана памяшканне.
У 1931 г. арганізаваны калгас «Чырвоная сям’я», які ў 1932 г. аб’ядноўваў 19 гаспадарак. У 1940 г. 62 двары, 319 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка- фашысцкімі захопнікамІ. У жніўні 1943 г. гітлераўцы спалілі 56 двароў. Нa могілках пахаваны савецкі воін, які загінуў у 1943 г. Пасля вайны адбудавана.
У 1986 г. 27 гаспадарак, 66 жыхароў, у складзе саўгаса «Краснапольскі» (цэнтр−былая в. Высокі Борак). Дзейнічалі пачатковая школа, клуб, магазін. Планіровачна складалася з крывалінейнай вуліцы з завулкамі, амаль шыротнай арыентацыі, на паўднёвым захадзе — гаспадарчы сектар. Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.
В.Сасновіца-1 – малая радзіма Лабаноўскага Пятра Якаўлевіча (1897 г.н.), падпалкоўнік медыцынскай службы. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам хірургічнага аддзялення 425-га ваеннага шпіталя 165-га франтавога эвакуацыйнага пункта 1-га Прыбалтыйскага фронту. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ардэнамі Чырвонай Зоркі (2) і Чырвонага Сцяга.
Пасля звальнення ў запас 30 студзеня 1957 г. працаваў ва ўстановах аховы здароўя Краснапольскага раёна. Дата смерці не ўстаноўлена.
В.Сасновіца-1 таксама малая радзіма Лабаноўскага Леаніда Васільевіча (18.01.1930-25.04.2005) — педагога і краязнаўцы, аўтара 14 кніг па гісторыі Краснапольшчыны. Лабаноўскі Л.В.− кіраўнік тэатра юных Краснапольскай СШ “Арляня” і самадзейнага народнага тэатра пры Краснапольскім РДК. Тэатральны калектыў і яго рэжысёр былі ўзнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1980 г. Леанід Васільевіч стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола ў галіне літаратуры і мастацтва. У 2003 годзе Лабаноўскі Л.В. узнагароджаны ганаровай граматай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта з прысваенне пачэснага звання “Чалавек года -2003”
Лабаноўскі Л.В. – стваральнік Народнага гісторыка-краязнаўчага музея дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа г.п. Краснаполле”, на якой у 2023 годзе адкрыта мемарыяльная дошка знакамітаму земляку. З 2022 года Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М.Ткачова штогод у красавіку праводзяцца Краязнаўчыя чытанні “Спадчына” памяці Леаніда Васільевіча Лабаноўскага.
У 1960 годзе нарадзіўся ў в. Сасновіца-1 Астапенка Сяргей Пятровіч – майстар спорта СССР па лёгкай атлетыцы.
Лабаноўскі П.Я. Лабаноўскі Л.В. Астапенка С.П.