Свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну».

9 верасня 2023 года адбылося V рэгіянальнае свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну».

Свята арганізуецца штогод сектарам культуры Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта і дзяржаўнай установай культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Краснапольскага раёна”. У 2023 годзе яно  прысвечана Году міра і сазідання, а таксама 105-годдзю Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Ткачова.

У межах свята арганізавана работа творчай паэтычнай пляцоўкі па абмену вопытам, у якой прынялі ўдзел 20 паэтаў  з 6 раёнаў Магілёўскай вобласці, у тым ліку таленавітая паэтка Касцюковіцкай зямлі, член Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»  Наталля Пятроўна Азаранка і член Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў”, вядомая  паэтэса са Слаўгарадскага раёна Вера Сяргееўна Стасенка.

Свята пачалося з гімна,  словы якога менавіта для гэтага свята напісала Наталля Азаранка.

У межах свята ўжо другі раз прайшоў конкурс аўтарскіх вершаў. У 2023 годзе пад назваю  “Малой Радзіме прысвячаю… ”. Ён праводзіўся па трох намінацыях: “Аляксею Васільевічу Пысіну прысвячаю…”, “Ганаруся малой Радзімай сваёй…”, “Вольная тэма”. 

У конкурсе прынялі ўдзел  26 паэтаў з Краснапольскага, Касцюковіцкага,  Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Клімавіцкага, Горацкага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, 22 з якіх на паэтычным свяце “Вянок Аляксею Пысіну” былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеней.

Адметнай рысай свята стала правядзенне літаратурнай гасцёўні “Паэзія – вялікі дар…” на тэрыторыі аграсядзібы “Маяк”, што дало гасцям свята магчымасць бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі Краснапольскага раёна.

Оставить ответ