ХАТЫЖЫН – былая вёска ў Наваельненскім сельскім савеце, за 25 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 134 км ад Магілёва, 76 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на поўдзень мяжуе з лесам, на поўнач праходзіць меліярацыйны канал, злучаны з р. Будзянка (прыток р. Кляпінка). Транспартныя сувязі па шашы на Краснаполле, якая праходзіць праз вёску.
Заснавана ў 1920-я г. перасяленцамі з суседніх вёсак.
У 1930-х г. арганізаваны калгас «Шлях камуны», які першапачаткова аб’ядноўваў 6 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 38 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 24 з іх загінулі.
У 1986 г. 32 гаспадаркі, 60 жыхароў, у складзе калгаса «Парыжская Камуна» (цэнтр – былая в. Беразякі-1).
Мела Т–падобную планіроўку. Ад цэнтра кароткай прамалінейнай вуліцы мерыдыяльнай арыеінтацыі адыходзіла на захад, перпендыкулярна, другая прамалінейная вуліца.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.