5 сакавіка адзначаецца 130 гадоў з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. У Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім.М. Ткачова падрыхтавана кніжная выстава “Кандрат Крапіва-беларускі байкапісец» прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка.
Яго творчасць – цэлая эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры і перш за ўсё ў нацыянальнай драматургіі. Сатырык-байкапісец, драматург, К. Крапіва узбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанры і тэматыцы, у якіх адлюстраваў жыццё нашай краіны на розных этапах яе развіцця. Асаблівае значэнне сярод твораў сатырычнай паэзіі займаюць байкі, што заваявалі прызнанне чытача дзякуючы сваёй актуальнасці, сатырычнай вастрыні, высокай мастацкасці. Да жанру байкi Кандрат Крапiва звярнуўся ў 1922г., калi пачаў пiсаць па-беларуску.
Асаблiвы росквiт К.Крапівы-байкапiсца прыпадае на 1925-1929гг., калi была напiсана большая частка баек. У 1927 г. байкi выйшлi асобнай кнiжкай, якая так i называлася “Байкi”. Народны погляд пiсьменнiка на рэчаiснасць, шырокае выкарыстанне фальклору, прыказак i прымавак надавалi мове яго баек народны характар. Яго задача заключалася ў тым, каб пры дапамозе канкрэтных, простых i даступных народу вобразаў, раскрыць сутнасць той цi iншай жыццёвай з’явы.






































































