На Краснапольшчыне 10 верасня адбылося VII рэгіянальнае свята паэзіі ”Вянок Аляксею Пысіну”, якое арганізуецца штогод сектарам культуры Краснапольскага райвыканкама і дзяржаўнай установай культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Краснапольскага раёна”.
Мерапрыемства ў гэтым годзе было прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 105-годдзю з дня нараджэння А.В. Пысіна, нашага земляка, вядомага беларускага паэта, заслужанага дзеяча культуры БССР.
У свяце прынялі ўдзел намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Ганна Вадзімаўна Шпунтова, члены Магілёўскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка, Алена Уладзіміраўна Кісель, Святлана Алегаўна Цмугунова, Наталля Пятроўна Азаранка і член Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў” паэтэса са Слаўгарадскага раёна Вера Сяргееўна Стасенка.
У межах свята была арганізавана праца дзвюх творчых паэтычных пляцовак “Паэтычнае скрыжаванне” па абмену вопытам, у якой прынялі ўдзел 39 паэтаў — аматраў з 8 раёнаў Магілёўскай вобласці. Пераможцы атрымалі дыпломы і зборнік «Паэтычная скарбонка», у які ўвайшлі лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу.
Майстар-клас “Вопыт рыфмы выкладаю…” правяла кандыдат філалагічных навук, паэтэса А.У. Кісель. Даступнай мовай Алена Уладзіміраўна растлумачвала пачынаючым паэтам азы вершавання, чым вызвала сапраўдную цікавасць слухачоў і тэматычную дыскусію.
Другі год у рамках свята праводзіцца адкрыты песенна-паэтычны конкурс. У гэтым годзе ён называўся “З любоўю да роднай зямлі…”. Пераможцаў на свяце ўзнагароджвалі Алена Уладзіміраўна Кісель, Наталля Пятроўна Азаранка.
Напрыканцы свята адбыўся круглы стол “На хвалі паэзіі…”.