ГОРНА

          ГОРНА − былая веска ў Высокаборскім сельсавеце, за 20 км на ўсход ад Краснаполля, 129 км ад Магілева, 31 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў- Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. Транспартныя сувязі па шашы Хоцімск-Краснаполле, якая праходзіць побач з вескай.
          Заснавана ў 1725 г. ў Крычаўскім старастве Мсціслаўскага ваяводства.
          У 1727 г. 26 двароў, дзяржаўная ўласнасць.
          У 1816 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 10 двароў, 92 жыхары, уласнасць памешчыка.
          У 1858 г. 307 жыхароў, мелася гандлёвая крама.
          У 1880 г. 55 двароў, 392 жыхары, 65 вяскоўцаў займаліся калёсным промыслам.
          У 1897 г. ў Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, 90 двароў, 689 жыхароў. Меліся ветраны млын, піцейны дом.
          У 1909 г. 104 двары, 742 жыхары. Дзейнічалі 2 ветракі.
          У 1910 г. адкрыты царкоўна-прыходская і школа граматы.
          У 1926 г. 140 двароў, 797 жыхароў.
          У 1930 г. арганізаваны калгас «Ударнік», які аб’ядноўваў 13 гаспадарак.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Нa могілках пахаваны савецкі воін, які загінуў у верасні 1943 г. пры вызваленні вёскі.
          У 1986 г. 50 гаспадарак, 131 жыхар, у складзе саўгаса «Краснапольскі» (цэнтр − в. Высокі Борак), дзейнічалі пачатковая школа, бібліятэка, магазін. Складалася з працяглай крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход, на паўднёвай ускраіне быў гаспадарчы ссктар.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.