ПЯТРОВІЧЫ − былая вёска ў Сабалеўскім сельсавеце, за 27 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 136 км ад Магілёва, 78 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў − Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на поўдні і ўсходзе межавала з лесам. На захадзе цячэ р. Покаць ( прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Сабалі, Завадок і далей па шашы Выдранка-Краснаполле.
У 1897 г. фальварак (1 двор, 10 жыхароў) у Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні.
У 1909 г. 1 двор 5 жыхароў.
У 1926 г. 15 двароў 37 жыхароў.
У 1930 г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашыстскімі захопнікамі.
У 1986 г. 13 гаспадарак, 28 жыхароў, у складзе саўгаса “Завадоцкі” (цэнтр − в. Завадок). Мела Г-падобную планіроўку з вуліцамі шыротнай і мерыдыяльнай арыентацыі. На поўначы быў гаспадарчы сектар, на паўночным усходзе − сад.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыцыйным забруджаннем.