СТАРАЯ БУДА

          СТАРАЯ БУДА − былая вёска ў Сабалеўскім сельсавеце, за 24 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 133 км ад Магілёва, 74 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў − Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на паўночным захадзе і паўднёвым ўсходзе межавала з лесам. На паўночным усходзе цячэ р. Купелька (прыток р. Казелька). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Завадок і далей па шашы Выдранка-Краснаполле.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
          У 1777 г. вёска ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
          У 1850 г. ў Клімавіцкім павеце, 32 двары, 120 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1880 г. 67 двароў, 392 жыхары. Частка жыхароў займалася бандарным промыслам.
          У 1880 г. вяскоўцы неаднаразова рабілі высечку памешчыцкага лесу, аказвалі супраціўленне ўладам пры размежаванні зямель, захопвалі памешчыцкія лугі. Хваляванні былі спынены з дапамогай войск, якія размяшчаліся ў вёсцы з 16.11.1882 г. да 28.02.1884 г.
          У 1897 г. ў Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 95 двароў, 583 жыхары, меўся ветраны млын.
          У 1910 г. 90 двароў, 576 жыхароў.
          У 1926 г. 129 двароў, 670 жыхароў.
          У 1930-х г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 да 30.09.1943 акупіравана нямецка-фашыстскмі захопнікамі.
          У 1986 г. 52 гаспадаркі, 144 жыхары, у складзе саўгаса “Завадоцкі” (цэнтр в.Завадок), дзейнічаў магазін. Планіровачна складалася з крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага ўсхода на паўночны захад.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыцыйным забруджаннем.