ЦІВІЦКАЕ − былы пасёлак у Мхініцкім сельсавеце, за 9 км на поўдзень ад Краснаполля, 118 км ад Магілёва, 60 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, побач цячэ р. Каўпіта (прыток р.Беседзь). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Выдранка-Краснаполле.
Вядомы паводле пісьмовых крыніц з пачатку 20 стагоддзя.
У 1909 г. 10 двароў, 71 жыхар.
У 1926 г. 11 двароў, 83 жыхары.
У 1930-х г. пасялкоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 6 з іх загінулі.
У 1986 г. 2 гаспадаркі, 3 жыхары, у складзе саўгаса “Халмянскі” (цэнтр − в. Халмы). Быў забудаваны драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу ўздоўж ракі.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў пасёлку ніхто не жыве.