ЯКУШОЎКА

          ЯКУШОЎКА – былая вёска ў Наваельненскім сельскім савеце, за 28 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 137 км ад Магілёва, 79 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінна – ўзгорысты. На захад і паўднёвы ўсход межавала з лесам. На поўдні цячэ р. Якушоўка (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
          Вядома наводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
          У 1777 г. вёска ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерніі.
          У 1858 г. 11 двароў, 163 жыхары, уласнасць памешчыка.
          У 1897 г. у Наваельненскай воласці Чэрыкаўскага павета, 35 двароў, 364 жыхары.
          У 1909 г. 53 двары, 380 жыхароў. Мелася школа граматы.
          У 1925 г. дзейнічала црацоўная школа 1– й ступені.
          У 1926 г. 69 двароў, 469 жыхароў.
          У 1930-х г. арганізаваны калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 59 вяскоўцаў змагаліся на фронце і ў партызанскіх атрадах, 35 з іх загінулі. У 1986 г. 18 гаспадарак, 40 жыхароў, у складзе калгаса імя Жданова (цэнтр – в. Карма-Пайкі). Планіровачна складалася з крывалінейнай, шыротнай арыентацыі вуліцы з завулкамі.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.