БЕРАЗЯКІ-1

          БЕРАЗЯКІ-1 – былая вёска ў Наваельненскім сельсавеце, за 25 км ад Краснаполля, 134 км ад Магілёва, 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў- Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўдні цячэ рака Жавуніца (прыток р.Сож). Транспартныя сувязі па шашы былая в. Хатыжын – Краснаполле, якая праходзіць праз вёску.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
          У 1777 годзе вёска Беразякі ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні. У 1816 годзе ў Чэрыкаўскім павеце, 10 двароў, 83 жыхары, уласнасць памешчыка, мелася карчма.
          У 1897 годзе ў Наваельненскай воласці Чэрыкаўскага павета, 60 двароў, 624 жыхары. Дзейнічалі 3 млыны, школа граматы. Побач быў аднайменны фальварак (2 двары, 18 жыхароў, карчма).
          У 1909 годзе ў вёсцы 75 двароў, 550 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 9 жыхароў.
          У 1910 годзе школа граматы пераўтворана ў аднакласнае народнае вучылішча.
          У маі 1922 года арганізавана сельскагаспадарчае закупачна- збытавое таварыства.
          У 1926 годзе 80 двароў, 517 жыхароў.
          У 1929 годзе арганізаваны калгас “Парыжская Камуна”, які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 26 гаспадарак.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Каля вёскі базіраваўся партызанскі спецатрад Героя Савецкага Саюза М.В. Зябніцкага, у цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахаваны 34 воіны 269-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні раёна. 59 вайскоўцаў з в.Беразякі-1 змагаліся на фронце, 43 з іх загінулі.
          Была цэнтрам калгаса “Парыжская Камуна”, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі.
          У 1986 годзе 88 гаспадарак, 222 жыхары, дзейнічалі Дом культуры, сярэдняя школа, фельчарска — акушэрскі пункт, магазін, бібліятэка, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва. Мела П-падобную планіроўку з працяглай, прамалінейнай, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход галоўнай вуліцай уздоўж ракі. Ад абодвух канцоў вуліцы адыходзілі на паўднёвы захад 2 кароткія прамалінейныя вуліцы.
          Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.