БОЛІН – былая вёска ў Наваельненскім сельсавеце, за 22 км на паўднёвым захадзе ад Краснаполля, 131 км ад Магілёва, 73 км ад чыгуначнай станцыі камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы і поўдні межавала з лесам, на захадзе цячэ рака Покаць (прыток р.Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёску Вялікі Восаў (былая) і далей па шашы былая вёска Хатыжын – Краснаполле.
У 1858 годзе ўласнасць памешчыка, меліся 4 карчмы, у маёнтку дзейнічаў вінакурны завод (з 1899).
У 1897 годзе ў фальварку 49 жыхароў, уваходзіў у Наваельненскую воласць Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні.
У 1926 годзе 1 двор, 6 жыхароў. У 2 -й палове 1920-х гадоў тут пасяліліся выхадцы з суседніх вёсак.
У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 37 вяскаўцаў змагаліся на фронце, 3 – у партызанскіх атрадах, з іх 20 загінулі.
У 1986 годзе 33 гаспадаркі, 75 жыхароў, у складзе калгаса “Ленінскі шлях” (цэнтр – былая вёска Новая Ельня). Планіровачна складалася з 2 узаемна перпендыкулярных кароткіх вуліц (шыротнай і мерыдыянальнай арыентацыі), на паўднёвым захаде быў абасоблены ўчастак забудовы.
Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.