ГАРАДНЫ – былы пасёлак у Горскім сельсавеце, за 20 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля, 129 км ад Магілёва, 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы цячэ р. Палуж (прыток р. Беседзь), на паўночна-ўсходняй ускраіне − штучнае вадасховішча. Транспартныя сувязі на мясцовай дарозе і далей па шашы Горы — Краснаполле.
Заснаваны ў 1920-я г.
У 1930 г. арганізаваны калгас «Пралетарый», які першапачаткова аб’ядноўваў 11 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронце змагаліся 28 пасялкоўцаў, 19 з іх загінулі.
У 1990 г. 15 гаспадарак, 35 жыхароў, у складзе калгаса імя В.Валадарскага (цэнтр − в. Горы).
Складаўся з 2 кароткіх прамалінейных вуліц (адна шыротнай арыентацыі, другая адыходзіла ад першай на паўднёвы ўсход). Быў забудаваны пераважна двухбакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.