ГАРАДОК

          ГАРАДОК − былы пасёлак у Сідараўскім сельсавеце, за 11 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 120 км ад Магілёва, 62 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў−Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на захадзе межавала з лесам і цячэ рака Газуемка (прыток р. Ельня). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Гарадзецкая, Сідараўка і далей па шашы Хоцімск−Чэрыкаў.
          Заснаваны ў 1920-я гады перасяленцамі з суседніх вёсак.
          У 1930-я гады пасялкоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікаю Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У1986 годзе −10 гаспадарак, 13 жыхароў, у складзе саўгаса імя Калініна (цэнтр − в. Сідараўка). Планіровачна складаўся з кароткай прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўднёвы захад. Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.