ГАЦКЕВІЧ – былы пасёлак у Наваельненскім сельсавеце, за 22 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 131 км ад Магілёва, 73 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, абкружаны лесам. На поўдні цячэ рака Якушоўка (прыток ракі Сож), на якой зроблена невялікае вадасховішча. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
Заснавана ў пачатку 1920-х гадоў перасяленцамі з суседніх вёсак.
У 1926 годзе хутары, 27 двароў, 120 жыхароў.
У 1930 гады арганізаваны калгас “6 з’езд Саветаў Краснапольшчыны”, які першапачаткова аб’ядноўваў 13 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 01.10.1943 года акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1,5 км на поўнач ад пасёлка ў брацкай магіле пахаваны 2 савецкія воіны і асобна на могілках – партызан 3-га асобнага атрада, якія загінулі ў барацьбе супраць акупантаў. 12 пасялкоўцаў змагаліся на фронце і ў партызанскай барацьбе, 3 з іх загінулі.
У 1986 годзе ў складзе калгаса імя Жданава (цэнтр – былая вёска Карма-Пайкі).
Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.