ДРАГАМІЛАВА

          ДРАГАМІЛАВА − былая вёска ў Мхініцкім сельсавеце, за 22 км на поўдзень ад Краснаполля, 131 км ад Магілёва, 73 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, вакол лес. На паўднёвым ўсходзе цячэ р. Дарагоўша (прыток р. Каўпіта). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Мхінічы і далей па шашы Выдранка — Краснаполле.
          У 1858 г. вёска ў Чэрыкаўскім павеце, 64 рэвізскія душы.
          У 1880 г. 14 двароў, 149 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася шавецкім промыслам.
          У 1897 г. ў Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Maгілёўскай губерні, 25 двароў, 181 жыхар. Меўся ветраны млын.
          У 1909 г. 25 двароў, 194 жыхары.
          У 1926 г. 32 двары, 212 жыхароў.
          У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 25 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 15 з іх загінулі.
          У 1986 г. 19 гаспадарак, 41 жыхар, у складзе саўгаса «Халмянскі» (цэнтр − в. Халмы). Складалася з прамалінейнай кароткай вуліцы шыротнай арыентацыі з завулкам.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.