ДРАГАТЫНЬ

          ДРАГАТЫНЬ – былая вёска ў Наваельненскім сельсавеце, за 26 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 135 км ад Магілёва, 77 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Краснаполле – Сураж (Расія). Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Нa поўначы межавала з лесам. На паўднёвым усходзе цячэ р. Якушоўка (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
          За 1 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Якушоўка захаваўся помнік археалогіі – курганны могільнік (3 насыпы), што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці.
          Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 стагоддзя.
          У 1777 г. вёска ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерніі.
          У 1834 г. в. Драгатынь (яна ж Дарагоцін) у Чэрыкаўскім павеце, 12 двароў, 87 жыхароў, уласнасць памешчыка.
          У 1858 г. 28 двароў, 153 жыхары. Меўся заезны дом.
          У 1880 г. 36 двароў, 276 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам. Дзейнічала школа граматы.
          У 1897 г. ў Наваельніцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 55 двароў, 474 жыхары.
          У 1909 г. 67 двароў.
          У 1926 г. 82 двары, 507 жыхароў.
          У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 02.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашыстскімі захопнікамі. 18 вяскоўцаў ваявалі на фронце, 3 – у партызанах, 10 з іх загінулі.
          У 1986 г. 36 гаспадарак, 100 жыхароў, у складзе калгаса імя Жданава (цэнтр – былая в. Карма-Пайкі). Дзейнічалі пачатковая школа, клуб, бібліятэка, магазін, пошта.
          Складалася з 2 прамалінейных вуліц – шыротнай і мерыдыянальнай арыентацыі.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.