ДУБРАЎКА

          ДУБРАЎКА − былая вёска ў Сабалёўскім сельсавеце, за 23 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 122 км ад Магілёва, 74 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на захадзе межавала з лесам. Праз вёску цячэ р. Каўпіта (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі па шашы Выдранка -Краснаполле, якая праходзіць праз вёску.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 ст.
          У 1777 г. вёска ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
          У 1858 г. в. Дубраўка (яна ж Дубровіца), 31 двор, 185 жыхароў, уласнасць памешчыка.
          У 1880 г. 42 двары, 303 жыхары. Частка вяскоўцаў апрача земляробства займалася кавальскім промыслам.
          У 1897 г. ў Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 55 двароў, 373 жыхары. Меліся 4 ветраныя млыны, піцейны дом.
          У 1909 г. 53 двары, 323 жыхары.
          У 1926 г. 52 двары, 408 жыхароў.
          У 1930- я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
          У 1986 г. 30 гаспадарак, 62 жыхары, у складзе саўгаса «Завадоцкі» (цэнтр — в. Завадок). Складалася з 2 прамалінейных, кароткіх, паралельных паміж сабой вуліц шыротнай арыентацыі, злучаных на захадзе завулкам.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чернобыльский атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.