ЕЛЬНЯ

          ЕЛЬНЯ – былая вёска ў Сідараўскім сельсавеце за 14 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 123 км ад Магілёва, 65 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Клімавічы−Сураж. Рэльеф раўнінны, вакол лес. На захадзе цячэ р. Ельня (прыток р. Сож), на поўначы − яе прыток р. Даргамысль. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Гарадзецкая, Сідараўка і далей па шашы Хоцімск−Чэрыкаў.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стаоддзя.
          У 1769 г. у Прапойскім старастве, 9 двароў, 23 жыхары мужчынскага полу, меліся млын і карчма.
          У 1785 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 57 жыхароў мужчынскага полу, уласнасць памешчыка.
          У 1897 г. ў Старынскай воласці Чэрыкаўскага павета, 39 двароў, 317 жыхароў. Меліся вадзяны млын, школа граматы, заезны дом.
          У 1909 г. 50 двароў, 360 жыхароў.
          У 1926 г. 51 двор, 351 жыхар.
          У 1930 г. арганізаваны калгас “Беларусь”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 20 гаспадарак.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943 г. акупіравана нямецка — фашысцкімі захопнікамі. 16 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 8 з іх загінулі. У брацкай магіле, што на могілках, пахаваны 52 воіны, сярод якіх воіны 269-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў 1943 г. пры вызваленні раёна.
          У 1986 г. 53 гаспадаркі, 117 жыхароў, у складзе саўгаса імя Калініна (цэнтр − в. Сідараўка).
          Дзейнічалі пачатковая школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін.
          Склададася з працяглай, амаль прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўднёвы захад уздоўж ракі і забудаванай пераважна аднабакова, шчыльна, індывідуальнымі, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
          На заходнім беразе р. Ельня быў адасоблены ўчастак забудовы, гаспадарчы сектар − на паўночным усходзе.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з ралыяцыйным забруджаннем.