ЖАЛЕЗНІЦА

          ЖАЛЕЗНІЦА− былая веска ў Высакаборскім сельсавеце, за 25 км на ўсход ад Краснаполля, 134 км ад Магілёва, 26 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Какойск і далей па шашы Хоцімск- Краснаполле.
          Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1762 г. як сяло ў Mcцiслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць, меўся шынок.
          У 1816 г. сяло Жалезніца (яна ж Ельня) у Чэрыкаўскім павеце, 13 двароў, 94 жыхары, уласнасць памешчыка.
          У 1847 г. сяло ў складзе маёнтка Гуры Чэрыкаўскага павета, 18 двароў, 124 жыхары, мелася карчма.
          У 1880 г. 243 жыхары. Апрача земляробства сяльчане займаліся калёсным і сталярным промысламі.
          У 1897 г. ў Брацькавіцкай воласці Чэрыкаўскага навета, 49 двароў, 336 жыхароў.
          У пачатку 20 стагоддзя адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1907 г. навучалася 60 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.
          У 1909 г. 40 двароў, 328 жыхароў. Побач была аколіца (8 двароў, 59 жыхароў).
          У 1925 г. дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у яком было 45 вучняў.
          У 1926 г. 68 двароў, 367 жыхароў. У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01. 10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
          У 1986 г. 34 гаспадаркі, 56 жыхароў, у складзе саўгаса «Краснапольскі» (цэнтр − былая в. Высокі Борак), дзейнічаў магазін. Складалася з асноўнай дугападобнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход, дзе ад яе адыходзіла на паўднёвы ўсход другая дугападобная вуліца, на поўдзень − гаспадарчы сектар.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.
          У 1955 годзе ў в.Жалезніца нарадзіўся будучы Майстар спорту СССР па велоспорту (шаша) Мазанкоў Барыс Іванавіч.

Мазанкоў Б.І.