ЖАЛІЖЖА − былая вёска ў Высокаборскім сельсавеце, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля, 133 км ад Магілёва, 45 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. Праз вёску цячэ р. Расамаха (прыток р. Сянна). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Хоцімск-Краснаполле.
Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1769 г., калі ў вёсцы было 10 двароў, 13 жыхароў мужчынскага полу, карчма, з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю ў Прапойскім старастве.
У 1785 г. ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, 23 двары, 136 жыхароў, уласнасць памешчыка.
У 1858 г. в. Жаліззе, 85 рэвізскіх душ.
У 1880 г. 39 двароў, 266 жыхароў. Частка вяскоўцаў, апрача земляробства, займалася калёсным промыслам.
У 1897 г. ў Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета, 65 двароў, 489 жыхароў.
У пачатку 20 стагоддзя адкрыта школа, у якой у 1907 г. навучаліся 42 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі.
У 1909 г. 79 двароў. 451 жыхар.
У 1926 г. 104 двары, 579 жыхароў.
У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны партизан», які ў 1932 г. аб’ядноўваў 11 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 02.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1986 г. 45 гаспадарак, 192 жыхары, у складзе саўгаса «Палужскі» (цэнтр − в. Палуж-1). Дзейнічалі клуб, бібліятэка, магазін. Складалася з асноўнай дугападобнай, працяглай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі, ад якой адыходзілі на захад 2 прамалінейныя, кароткія, паралельныя паміж сабой вуліцы, на паўночны ўсход быў гаспадарчы сектар.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай алектрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.