ЗАВАДОК− вёска ў Мхініцкім сельсавеце (да 28.02.1992 г. ў Сабалеўскім сельсавеце), за 20 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 129 км ад Магілёва, 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на поўначы мяжуе з лесам. На захадзе праходзяць меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Покаць (прыток р Сож), на ўсходзе цячэ р. Каўпіта (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі на шашы Выдран- ка-Краснаполле, якая праходзіць праз вёску, 1 гаспадарка, 2 жыхары (2007).
У 1897 г. фальварак Завод (1 двор, 12 жыхароў) у Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Меліся вадзяны млын, 2 сукнавальні.
У 1909 г. маёнтак, 30 жыхароў.
У 1920-я гады вёска істотна вырасла за кошт перасяленцаў з суседніх вёсак.
У 1931 г. арганізаваны калгас “Чырвоны Завадок”, які першапачаткова аб’ядноўваў 28 гаспадарак.
У 1940 г. 28 двароў, 177 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 01.10.1943 г. акупіравана нямецка- фашысцкімі захопнікамі.
У жніўні 1943 г. гітлераўцы спалілі 25 двароў, загубілі 1 жыхара. У 1976 г. да вёскі далучана в. Журавы.
У 1990 г. 124 гаспадаркі. 349 жыхароў, цэнтр саўгаса «Завадоцкі», які спецыялізаваўся на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. У вёсцы былі размешчаны лесапільня, майстэрня па рамонце сельска-гаспадарчай тэхнікі, комплекс і ферма буйной рагатай жывёлы, дзейнічалі пачатковая школа, клуб, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, грамадская лазня, дзіцячы сад, магазін.
У 1999 г. 4 гаспадаркі, 6 жыхароў. Складаецца з усходняй (дугападобная вуліца, арыентаваная з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход, ад якой на поўдзень адыходзяць 2 кароткія прамалінейныя вуліцы) і заходняй (прамалінейная вуліца з завулкамі, арыентаваная з паўднёвага усхода на паўднёвы захад) частак. Забудавана драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.