КАРМА ДОЎГАЯ

          КАРМА ДОЎГАЯ − былая вёска ў Наваельненскім сельсавеце, за 18 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 127 ад Магілёва, 69 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На паўднёвым усходзе межавала з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
          У 1777 годзе вёска Доўгая Карма ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскан губерні.
          У 1858 г. сяло ў Чэрыкаўскім павеце, 77 жыхароў мужчынскага полу. Меўся заезны дом.
          У 1880 годзе 31 двор, 226 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кавальскім і кравецкім промысламі.
          У 1897 годзе ў Наваельненскай воласці Чэрыкаўскага павета, 46 двароў, 380 жыхароў. Мелася школа граматы. У 1909 годзе 52 двары. 376 жыхароў. У 1926 годзе 80 двароў 477 жыхароў. У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 30.09.1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 74 вяскоўцы ваявалі на фронце, 1− у партызанах, 48 з іх загінулі.
          У 1986 годзе 29 гаспадарак, 61 жыхар, у складзе калгаса імя Жданава (цэнтр − былая вёска Карма-Пайкі).
          Планіровачна складалася з прамалінейнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі.
          Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.