КАСЦЯГОЎКА − былая вёска ў Яноўскім сельсавеце, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля, 133 км ад Магілёва, 44 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На поўначы цячэ р. Дзесенка (прыток р. Алешня). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Яноўка, пасёлак Перадавы і далей па шашы Хоцімск-Краснаполле.
Заснавана ў пачатку 1920-х гадоў.
У 1930 г. арганізаваны калгас імя Молатава, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 62 гаспадаркі.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На могілках у брацкай магіле пахавана 9 воінаў 269-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі.
У 1986 г. 2 гаспадаркі, 4 жыхары, у складзе саўгаса «Дружба» (цэнтр − в. Яноўка).
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.