МАЛЫ ВОСАЎ

          МАЛЫ ВОСАЎ − былая вёска ў Наваельненскім сельскім савеце, за 18 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 127 км ад Магілёва, 69 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На паўднёвым усходзе і захадзе межавала з лесам. Транспартныя сувязі па шашы на Краснаполле, якая праходзіць побач з вёскай.
          Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
          У 1777 годзе в. Восаў Малы ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
          У 1834 годзе ў Клімавіцкім павеце, 9 двароў, 78 жыхароў, уласнасць памешчыка.
          У 1858 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 13 двароў, 73 жыхары.
          У 1880 г. 21 двор, 144 жыхары. Частка вяскоўцаў займалася сталярным промыслам. Меліся драўляная царква, школа граматы.
          У 1909 г. 33 двары, 215 жыхароў.
          У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка — фашысцкімі захопнікамі.
          55 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 1 − у партызанскім атрадзе, 23 з іх загінулі. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі, пахаваны воіны 269-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі.
          У 1986 г. 41 гаспадарка, 96 жыхароў, у складзе калгаса «Ленінскі шлях» (цэнтр − в. Новая Ельня), размяшчаліся клуб, бібліятэка. Планіровачна складалася з крывалінейнай вуліцы з завулкам, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўднёвы захад і забудаванай пераважна двухбакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу, на паўднёвым усходзе быў гаспадарчы сектар.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.