МАР’ІНА БУДА

          МАР’ІНА БУДА − былая вёска ў Мхініцкім сельскім савеце, за 20 км на поўдзень ад Краснаполля, 129 км ад Магілёва, 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў — Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны, на захадзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей на шашы Выдранка — Краснаполле.
          У 1897 г. вёска Мар’іна Буда (яна ж Гецінава Буда, Мар’іна Слабада) у Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, 58 двароў, 445 жыхароў. Дэейнічаў ветраны млын.
          У 1909 г. 62 двары., 422 жыхары. Мелася школа граматы.
          У 1926 г. 68 двароў, 385 жыхароў.
          У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.
          У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 да 30.09.1943г. акупіравана нямецка — фашысцкімі захопнікамі. 34 вяскоўцы ўдзельнічалі ў барацьбе супрацъ гітлераўцаў, 23 з іх загінулі.
          У 1986 г. 30 гаспадарак, 64 жыхары, у складзе саўгаса «Халмянскі» (цэнтр − в. Халмы), працаваў магазін. Планіровачна складалася з прамалінейнай кароткай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход і забудаванай двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу; на захадзе быў гаспадарчы сектар.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.