МХІНІЧЫ

          МХІНІЧЫ − былая вёска і цэнтр Мхініцкага сельсавета ( з 20.08.1924), за 17 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 126 км ад Магілёва, 68 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы і паўднёвым захадзе межавала з лесам. Праз вёску цячэ р. Каўпіта (прыток р. Бесядзь). Транспатрныя сувязі па шашы Выдранка- Краснаполле, якая праходзіць праз вёску.
          На паўднёвай ускраіне вёскі, на левым беразе р. Каўпіта захаваўся археалагічны помнік − старажытны курган (мясцовая назва “Шведскі курган), што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 16 стагоддзя.
          У 1563 г. сяло ў Прапойскай воласці, дзяржаўная ўласнасць.
          У 1777 г. сяло Мхінічы ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
          У 1816 г. сяло Амхінічы (41 двор, 290 жыхароў) у Чэрыкаўскім павеце, уласнасць памешчыка.
          У 1864 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 г. навучаліся 33 хлопчыкі і 1 дзяўчынка.
          У 1885 г. цэнтр воласці Чэрыкаўскага павета 100 двароў, 728 жыхароў. Меліся школа, мураваная царква.
У 1897 г. 139 двароў, 973 жыхары, 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, крама. Раз у год праводзіўся кірмаш. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім, бандарным, кавальскім промысламі.
          У 1909 г.148 двароў, 980 жыхароў, пачала дзейнічаць казённая вінная крама.
          У 1918 г. арганізаваны камітэт беднаты.
          У 1925 г. дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 65 вучняў.
          У 1926 г.159 двароў, 892 жыхары.
          У 1930 — я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
          У 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску, 90 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 64 з іх загінулі.
          У 1986 г. 94 гаспадаркі, 227 жыхароў, у складзе сагаўгаса “Халмянскі” (цэнтр − в. Халмы), размяшчаліся 2 фермы буйной рагатай жывёлы, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне сувязі, магазін. Рака падзяляла вёску на паўднёва-ўсходнюю (прамалінейная з завулкамі вуліца − адрэзак шашы, арыентаваны з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) і паўднёва заходнюю (дугападобная вуліца з завулкамі, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) часткі; вытворчы сектар быў паўднёвым усходзе.
          Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.
          Вёска Мхінічы − радзіма Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Анатоля Іванавіча Банкузава (15.01.1921-21.05.1980). Які вызначыўся ў Вялікую Айчынную вайну пры штурме крэпасці і ваенна-марской базы Пілау (зараз г. Балтыйск Калінінградскай вобласці, Расія) у красавіку 1945 г.
          У вёсцы таксама нарадзіўся драматург В.А.Шашалевіч (09.01.1897-23.10.1941).

Банкузаў А.І.

Шашалевіч В.А.