НЯЎМЕСНЫ — былы пасёлак у Наваельненскім сельскім савеце, за 18 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 127 км ад Магілёва. 78 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы межаваў з лесам і бярэ пачатак рака Покаць (прыток ракі Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
Заснавана ў пачатку 1920-х гадоў. У 1926 годзе 11 двароў, 57 жыхароў. У 1930-я гады пасялкоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 30.09.1943 года акупіраваны нямецка- фашысцкімі захопнікамі.
За 1.5 км на паўднёвы ўсход ад пасёлка, на могілках былой вёскі Крамнёўка пахаваны воіны 269-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў 1943 годзе пры вызваленні раёна ці памерлі ад ран у шпіталі.
У 1986 годзе 3 гаспадаркі, 3 жыхары, у складзе калгаса «Ленінскі шлях» (цэнтр- в. Новая Ельня). Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі пасёлак адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.