ПАПАРАТКІ — былая вёска ў Наваельненскім сельскім савеце, за 26 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, 135 км ад Магілёва, 77 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў — Сураж (Расія). Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на паўднёвым усходе вёска межавала з лесам. На паўднёвым захаде рака Якушоўка, на паўночным захаде – ручай, яе прыток.
Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы на Краснаполле.
Вядома паводле пісьмовых крыніц з 16 стагоддзя.
У 1555 годзе сяло Папорычы ў Прапойскай воласці, дзяржаўная ўласнасць.
У 1563 годзе па- жалавана шляхцічу.
У 1777 годзе сяло ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні.
У 1858 годзе14 двароў, 103 жыхары, уласнасць памешчыка.
У 1897 годзе ў Наваельненскай воласці Чэрыкаўскага павета, 26двароў. 267 жыхароў. Мелася царква.
У 1900 годзе школа граматы ператворана ў народнае вучылішча, дзе ў 1905 годзе навучалася 66 хлопчыкаў.
У 1909 годзе 30 двароў, 238 жыхароў.
У 1930-х гадах вяскоўцы ўступілі ў калгас.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 30.09.1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 18 вяскоўцаў змагаліся на фронце і ў партызанскіх атрадах, 11 з іх загінулі. У 1986 годзе 21 гаспадарка, 36 жыхароў, у складзе калгаса імя Жданава (цэнтр — былая вёска Карма-Пайкі).
Планіровачна складалася з прамалінейнай, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход вуліцы, забудаванай двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.