Паплыка Фёдар Нічыпаравіч
1910 —
Кандыдат гістарычных навук (1955).
Ганаровы грамадзянін Браціславы (1946).
Летапісец гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся ў в. Пачапы Краснапольскага раёна.
Вучыўся ў Краснапольскай школе-сямігодцы, закончыў Мсціслаўскі педтэхнікум, працаваў настаўнікам у Лепельскім раёне.
У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе Бранскага, Варонежскага, 2-га Украінскага франтоў, камандаваў 290-м мінамётным палком 7-й гвардзейскай арміі, падпалкоўнік. Удзельнічаў у разгроме Корсунь-Шаўчэнкаўскай групоўкі ворага, у вызваленні Малдавіі, Румыніі, Венгрыі. Яго полк за баі пад Ясамі атрымаў пачэсную назву “Яскі”.
За фарсіраванне ракі Цісы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, за баі пад Будапештам – ордэнам Кутузава 3-й ступені, за Браціславу – ордэнам Суворава 3-й ступені. Чатыры разы ў сваіх загадах Вярхоўны Галоўнакамандуючы І. Сталін аб’яўляў падзяку воінам палка і яго камандзіру. Нацыянальны Савет сталіцы Славакіі за мужнасць, гераізм і асабісты ўклад прысвоіў Ф. Н. Паплыку пачэснае званне – ганаровы грамадзянін Браціславы (4 красавіка 1946 г.).
У пасляваенны час закончыў Акадэмію імя Фрунзе, яму была прысвоена навуковая ступень кандыдата гістарычных навук (1955г.), працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Ваенна-палітычнай акадэміі імя Леніна, навуковым супрацоўнікам Цэнтральнага музея Узброеных Сіл СССР. Ён заслужаны работнік культуры РСФСР.
Ф. Н. Паплыка – адзін з летапісцаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, аўтар кніг “Разгром нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой”, “Крэпасць на Волзе”, “Аляксандр Матросаў” і іншых.