Шаладонава Жанна Сяргееўна (Шагава)
1970
Кандыдат філалагічных навук (1998).
Нарадзілася у в. Сідараўка Краснапольскага раёна.
У 1987 г. закончыла Краснапольскую сярэднюю школу.
У 1992 г. закончыла з адзнакай Беларускі дзяржаўны універсітэт.
Нейкі час Жанна Сяргееўна працавала настаўніцай у адной са школ Бабруйска. Але яе вабіла навуковая праца. І яна паступіла ў аспірантуру пры інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вучылася і працавала над кандыдацкай дысертацыяй “Лёс чалавека зямлі і Бацькаўшчыны ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”.
У 1996 г. Ж. С. Шаладонава паспяхова закончыла аспірантуру і яе прынялі на пасаду навуковага супрацоўніка Акадэміі навук.
У пачатку 2001 г. выдавецтва “Беларуская навука” выдала кніжку навуковага супрацоўніка інстытута літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, кандыдата філалагічных навук Жанны Сяргееўны Шаладонавай “Фарбы быту і быцця ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Аўтар па-свойму прааналізавала славутую энцыклапедыю “сялянскага жыцця”. Яна адкрыла новыя старонкі творчасці беларускага песняра. Яе даследаванні – яшчэ адна спроба перачытаць шэдэўр беларускай класікі, спасцігнуць мастацка-філасофскія глыбіні паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”.
Жанна Сяргееўна Шаладонава – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі. У апошнія гады займаецца праблемай беларуска-ўкраінскіх сувязей, адзін з аўтараў калектыўнага зборніка “Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей” і іншых шматлікіх артыкулаў і навуковых даследванняў.