У Казельскай сельскай бібліятэцы адбылася пазнавальная гутарка «Казкi мацi-нашы казкi».
Навучэнцы здзейснілі займальнае падарожжа ў цудоўны свет казак. Разам з бібліятэкарам дзеці прыгадалі беларускія казкі, разглядалі чароўныя ілюстрацыі.
Казкі… Яны знаёмыя нам з дзяцінства. Цяжка знайсці чалавека, які б ніколі не чытаў казак. Яны адчыняюць нам дзверы ў дзівосны свет, напоўнены чараўніцтвам, цудамі. У свеце казак жывуць незвычайныя героі, там ажываюць расліны, умеюць размаўляць звяры, а дабро заўсёды перамагае зло. Казкі робяць наша жыццё больш цікавым і захапляючым. Не дзіўна, што іх любяць і дзеці, і дарослыя.
З даўніх часоў казкі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, ад старэйшага да малодшага. Самыя «смачныя» казкі расказвалі нашы матулі, бабулі і дзядулі. Цікавай часткай мерапрыемства стала гучнае чытанне цікавых, смешных, павучальных і пацешных казак пра расліны і жывёл. Дзецi спаборнiчалi памiж сабой, паказваючы свае веды.
Гутарка атрымалася пазнавальнай i цiкавай. Народныя мудрасць i вопыт, закладзеныя ў казкi, дапамагаюць выхоўваць у дзяцей дабрыню, шчырасць, павагу да старэйшых, любоў да роднай зямлi.











































































