Босаў Уладзімір Мікалаевіч

          Нарадзіўся 20 лютага 1952 года ў в. Малюшына Краснапольскага раёна. Паэт.
          Працаваў галоўным ветэрынарным урачом у Расіі, дырэктарам саўгаса, выкладчыкам, загадчыкам аддзялення ветэрынарнай медыцыны Клімавіцкага аграрнага каледжа.
          Вершы сур’ёзна пачаў пісаць у студэнцкія гады, калі закахаўся ў сваю аднакурсніцу і будучую жонку Таццяну. Ёй малады хлопец прысвяціў шмат вершаў – і палымяных, і тужлівых, але заўсёды цёплых і светлых. Гэтае святло і цеплыня адчуваецца і ў далейшых творах паэта. Ён песціць свае вершы, нібы дзетак, любоўна аздабляе іх нізкамі вобразаў. А тэмы – звычайныя, зямныя: пра повязь часоў і мужнасць землякоў («Нашы продкі»), аб працы хлебаробаў у гарачую пару ўборкі збожжа («Працоўны дзень»), пра Клімавіцкі аграрны каледж, якому аддаў шмат гадоў, пра прыгажосць роднай старонкі…
          Вершы Уладзіміра Босава – меладычныя, напеўныя і нездарма некаторыя з іх пакладзены на музыку і выконваюцца мясцовымі самадзейнымі артыстамі.
          Яго творы друкуюцца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку.
З’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Зарніцы”.