Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы бібліятэкар Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім.М.Ткачова з вучнямі Краснапольскай раённай гімназіі правяла завочнае падарожжа “Мова: у сугуччы мінулага і сучаснага”.
Мерапрыемства было па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным, яно дазволіла дзецям больш даведацца пра нашу багатую беларускую спадчыну.
У час мерапрыемства ўдзельнікі пачулі і адчулі прыгажосць, і мілагучнасць беларускага слова. Бібліятэкар расказала аб важным значэнні мовы ў жыцці чалавека, а асабліва роднай мовы. Вучні прынялі удзел у конкурсах: “Перакладчыкі”, “Шарада”, “Веру – не веру”, “Старонкі мінулага і сучаснага” і іншыя. Хлопцы і дзяўчынкі праверылі сябе ў цікавых віктарынах, адшукалі шмат цікавых фактаў і атрымалі дозу матывацыі размаўляць на роднай мове.
Як казаў Я. Сіпакоў: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”. Мова — гэта вялікі народны скарб.
У канцы мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў закладку пра беларускую мову.












































































